ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс. да н.э. — 1200 г. да н.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)